Глыбокае (ч.1) - Горад на два ваяводствы / Што хацеў забраць з сабой Напалеон | Гісторыя без межаў

แชร์
ฝัง
  • เผยแพร่เมื่อ 11 ก.ย. 2024
  • Сёння каманда нашага праекта накіравалася ажно на 170 кіламетраў на поўнач ад беларускай сталіцы ў Глыбокае. Увогуле, беларускі горад Глыбокае ужо даўно трывала ўваходзіць у мой асабісты топ беларускіх населеных пунктаў.Сённяшнюю глыбоцкую вандроўку мы ўмоўна падзелім на дзьве часткі. І распачаць нашую сённяшнюю вандроўку мне хацелася з гэтага самага месца - Алеі славутых землякоў, на якой усталяваныя помнікі тым славутым асобам, якія нарадзіліся ў гэтым горадзе. Што ж, жыхарам Глыбокага папраўдзе ёсць кім ганарыцца. Вацлаў Ластоўскі, Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі, нават славуты авіяканструктар Павел Сухі і Эліязар Бен-Іегуда, які займаўся адраджэннем іўрыта - гэта далёка не поўны пералік славутых людзей, якія паходзяць з гэтага горада.
    Статус горада Глыбокае набыло толькі ў студзені 1940-га года, а дагэтуль мела статус мястэчка, праўда вельмі багатага і паспяховага, бо тут перакрыжоўвалася некалькі гандлёвых шляхоў, якія вялі на Вільню, Полацк, Смаленск ды іншыя гарады. Так што населены пункт на гэтым месцы проста абавязаны быў узнікнуць. Упершыню Глыбокае з’яўляецца на старонках дакументаў у 1414-ым годзе як маёнтак ва ўладаннях Зіновія Братошыча. Што цікава, у 16-ым стагоддзі мястэчка было падзелена акурат на дзьве часткі: паўднёва-заходняя адносілася да Віленскага ваяводства і належала роду Зяновічаў, а паўночна-усходняя - да Полацкага і яе гаспадарамі былі шляхцічы Корсакі. Менавіта з адным прадстаўнікоў рода Корсакаў - Іосіфам альбо Язэпам і звязана ўзнікненне велічных архітэктурных помнікаў, якія і сёння ўпрыгожваюць цэнтр Глыбокага.
    Іосіф Корсак быў значным дзяржаўным дзеячам часоў Рэчы Паспалітай. Ён займаў пасады мсціслаўскага ваяводы і дзісненскага старасты, таленавіты вайсковы камандзір - нават кароль Жыгімонт Ваза неаднойчы адзначаў яго вайсковыя подзвігі, да таго ж Корсак меў і выдатную для свайго часу адукацыю, адным словам быў асобай вельмі і вельмі неардынарнай. Менавіта ён у 1628-ым годзе заснаваў касцёл святой Тройцы. Напачатку ён меў рысы ранняга барока. Але двойчы - ў сярэдзіне 18-га стагоддзя і ў пачатку 20-га касцёл перабудоўваўся, так што ў выніку набыў рысы класічнага віленскага барока - стыля, які ў другой палове 18-га стагоддзя стаў сапраўднай архітэктурнай адметнасцю беларускіх земляў. Яго самым славутым прадстаўніком быў Іяган Глаўбіц, які па некаторых звестках прыклаў руку і да першай перабудовы вось гэтага Касцёла Святой Тройцы. Так гэта ці не - пытанне спрэчнае, але няма аніякіх сумненняў, што менавіта ён перабудаваў другую архітэктурную адметнасць цэнтра Глыбокага - праваслаўны кафедральны сабор Раства Прасвятой Багародзіцы, які знаходзіцца тут непадалёку. І яго заснаванне звязанае таксама з асобай Язэпа Корсака, які ў 1639-ым годзе незадоўга да сваёй смерці даў грошы на яго будаўніцтва, якое было завершанае ў 1654-ым годзе. Напачатку будынак меў рысы ваяўнічага і трохі пагрозлівага “сармацкага барока”, ягоныя вежы нават нечым нагадвалі славутыя беларускія храмы абарончага тыпу ў Сынкавічах ды Мураванцы, да якіх, я спадзяюся, у мяне атрымаецца завітаць у будучых выпусках нашага праекту.
    Іяган Крыштаф Глаўбіц ў маладосці вандраваў па паўднёвай Германіі, дзе пазнаёміўся са стылем ракако. Але ў выніку лёс яго быў звязаны з Рэччу Паспалітай. Іяган праславіўся аднаўленнем старых кварталаў Вільні пасля сакрушальных пажараў першай паловы 18-га стагоддзя. Падчас працы ён спалучаў архітэктурныя традыцыі беларускіх земляў разам з уласным архітэктурным досведам, і ў выніку гэтага спалучэння нарадзілася віленскае барока, адным з найбольш яскравых прыкладаў якога і з’яўляецца вось гэты кафедральны сабор, які, дарэчы, прывёў у захапленне самога Напалеона Банапарта. У сярэдзіне ліпеня 1812-га года французскі імператар быў вымушаны затрымацца ў Глыбокім на 10 дзён. Французскага імператара пасялілі на другім паверсе кармеліцкага кляштара, акурат побач з гэтым храмам. Паводле легендаў яго велічнае ды ўрачыстае віленскае барока настолькі ўразіла Напалеона, што той пашкадаваў, што не можа забраць касцёл з сабою ў Парыж. А яшчэ дадаў, што гэты будынак выдатна б глядзеўся нават побач са славутым Нотр-дам-дэ-Пары.
    -
    Падпісвайцеся на наш сайт, сацыяльныя сеткі і Telegram:
    ► bydobry.com/
    ► / bydobry
    bydobry
    ► / bydobry
    ► t.me/bydobryby
    ---
    ❗️ У відэа выкарыстоўваліся кампазіцыі С. Бутоўскага:
    🔶 фон Средний
    🔶 Legends That Stones Can Tell
    🔶 The Hopeless Battle
    🔶 The White Silence
    - - -
    Канал "Карані і вытокі" - гэта праект Добрага канала з Мінска.
    Добры канал - гэта пляцоўка, якая аб'ядноўвае незалежных аўтараў і іх памочнікаў, якія шануюць сумленную журналістыку і жадаюць ўнесці свой уклад у будучыню нашай краіны.
    --
    Глыбокае (ч.1) - Горад на два ваяводствы / Што хацеў забраць з сабой Напалеон | Гісторыя без межаў | Карані і вытокі. Лявон Казакоў. Добры канал
    #ДобрыКанал #Караніівытокі #ЛявонКазакоў #ГісторыяБезМежаў #займальнаягісторыя #вандроўкіпабеларусі #гісторыябеларусі #беларусь

ความคิดเห็น • 16